jaetoneja

там внутри много текста на матчынай мове, а переводить мне некогда сейчасХодам генеалагічных пошукаў роду Цішоўскіх (паходзяць верагодна з маёнтку Цішоўка, што сёньня практычна уваходзіць у межы г. Магілёва) выпадкова трапіў на даволі цьмяны і адначасова трагічны выпадак. У далёкім 17-ым стагоддзі жыў сабе, пажываў князь Самуэль Караль Карэцкі – слынны і заможны магнат са старажытнага літоўскага роду. Яго уладаньні на поўначы Валыні уключалі Таргавіцы, Карэц, Ярун, Межырыч ды яшчэ сёе-тое мелася на кіеўшчыне. Меў Карэцкі вельмі неблагую для свайго часу адукацыю – штудаваў універсітэцкую навуку у Грацы і Падуі. Слаўны быў князь не толькі багацьцем, але і вайсковымі талентамі: у 1644-ым годзе на чале свайго прыватнага кавалерыйскага палка удзельнічаў у разгроме крымска-татарскага войска пад Ахматавым, з 1648 па 49 гг. даволі удала процістаяў казакам Хмяльніцкага.
Аднак размова пойдзе аб іншым. Меў князь Карэцкі жонку Марцыяну. Гэтая самая пані і разпачала усю тую гісторыю, выпадковай ахвярай якой і стаў магілёўскі шляхціч Лявон Цішоўскі. Нам невядомая дакладная падстава паклёпу Марцыяны Карэцкай на ротмістра княжацкай харугвы Якуба Гарбоўскага, у якога на той час гасьцяваў Цішоўскі. Аднак вядомы вынік – раз’юшаны князь загадаў кінуць маладых шляхцічаў за краты і абвясьціў над імі суд. Суд, як часьцяком тое адбывалася у магнацкіх уладаньнях, хуткі і не правы. Нажаль, паперы не захавалі аніякіх фактаў з абвінавачваньня. Вядома толькі, что нейкія “паказаньні” княжыя людзі атрымалі, запалохаўшы катаваньнем дворную ахмістрыню – “панну Красоўскую”. Прыгадваецца і яшчэ адзін “сьведка” – дванаццацігадовы хлапчук. Галоўны абвінавачаны, згодна папераў, паводзіў сябе годна і нават з пэўным выклікам, амаль да канца не даючы веры у тое, што Самуэль Карэцкі рызыкне у адкрытую здзейсьніць пакараньне шляхцічаў горлам.
Усё ж “суд” вынес сьмяротны вырак абодвум. Больш таго, ахвярам адмовілі у адтэрміноўцы, у асабістай сустрэчы з князем і (пэўна, на тыя часы - верх тыранства) – у апошняй споведзі. 14 марта 1645 года на гандлёвай плошчы Карца быў усталяваны эшафот. Якуба Гарбоўскага у атачэньні драгунскай і пехотнай рот вывелі з вязьніцы на пляц. Падобна удзельнікі дзейства (і не толькі ахвяры) спадзяваліся на адмену жорсткага выраку, бо паперы прыгадваюць, што ротмістр вугорскай пяхоты Ростак, што кіраваў пакараньнем, амаль на гадзіну затрымаў выкананьне прысуду. Аднак ад князя прыйшоў гнеўны загад і кат пачаў сваю справу. Якубу мусілі адцяць галаву мечам, але як адзначалася у паперах “ не служылі катавы рукі супраць нявіннага” – меч патрапіў не па шыі, а па плячох. Публіка, у ліку якой была значная частка спачуваючых ахвяры, захвалявалася і запатрабавала, каб Гарбоўскага пазбавілі ад далейшага катаваньня, маўляў “другі раз кату галаву цяці (сячы) не дазваляецца”. Верагодна гэткі звычай існаваў і на самой справе, бо нават адагнаўшы натоўп ад эшафоту батагамі, для пакараньня абралі іншую форму – растрэл.
Зноў пачаліся праблемы, бо пераважная большасьць жаўнераў з жалю ці з іншых рэзонаў хібіла . Прыйшлося даць пяць залпаў, каб больш-менш выканаць князеў загад: некалькі куляў патрапілі ў Гарбоўскага і прысутныя на пакараньні айцы-францысканцы запатрабавалі, каб стрэляніну спынілі “бо ён ужо не жые”. Цела ахвяры яго верныя чэлядзінцы загарнулі ў папону, аднесьлі да “царквы Рускай бліз пляцу” і ўжо пачала рыхтаваць цела да пахаваньня, аднак раптам Гарбоўскі апрытомеў і папрасіў піць. Зразумеўшы, што ёсьць пэўны шанец на выратаваньне, адданыя слугі аднесьлі гаспадара у кляштар францысканцаў, дзе манахі паспрабавалі вырваць небараку з лапаў сьмерці. Мо б яно і атрымалася, аднак экзэкутары нейкім чынам даведаліся, што недакатаваны шляхціч ажыў і мусілі давяршыць справу.
Гарбоўскага на павозцы прывезьлі на рынкавы пляц, дзе кат ужо рыхтаваўся да пакараньня яго сябра – Цішоўскага. Далей усё адбылося хутка: у адзін момант з тым як была адцятая галава магілёўскага шляхціча, княжы гайдук стрэліў ва упор у Гарбоўскага. І усё ж хорар на тым не спыніўся. Пэўна каб схаваць усе канцы, да сьмяротнага пакараньня прысудзілі і галоўную “сьведку” – панну Красоўскую. На тым жа эшафоце кат перарэзаў ёй горла. Прынамсі, чагосьці падобнага я і чакаў, аднак мяне вельмі здзівіла гэткая форма пакараньня. Паперы прыгадваюць, што перад сьмерцю ахмістрыня крыкнула ў натоўп, што абгаварыла невінаватых і сама ні ў чым не вінная.
Вышэйпрыгаданая трагедыя стала вядомая мне з судовага позву каралеўскага трыбуналу ад 6 ліпеня 1645 года, якім князь Самуэль Караль Карэцкі з жонкай ды іншымі удзельнікамі экзэкуцыі выклікаліся каралём і вялікім князем Уладзіславам IV на суд і абвінавачваліся ў самапраўным пакараньні сьмерцю шляхцічаў Гарбоўскага і Цішоўскага, а таксама панны Красоўскай. Нажаль дэталі далейшай судовай справы трыбунала мне не вядомыя. Мяркуючы па тым, як паводзіла сябе магнатэрыя таго часу і якіой віртуальнай была улада Уладзіслава Жыгімонта Вазы – IV у апошнія тры-чатыры гады уладарства, не здзіўлюся, калі князь Карэцкі трывіяльна праігнараваў тую позву.